РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ў у Маскве.
Бярэ пачатак ад ваен. архіваў Рас. імперыі: створанага ў 1819 Маскоўскага аддз. архіва Інспектарскага дэпартамента Гал. штаба (з 1865 Маскоўскае аддз. Агульнага архіва Гал. штаба, з 1906 Маскоўскае аддз. Агульнага архіва Гал. ўпраўлення Генштаба) і створанага ў 1797 Імператарскага дэпо карт (з 1812 Ваен.-тапаграфічнае дэпо Ваен. мін-ва, з 1863 Ваен.-гіст. і тапаграфічны архіў Гал. ўпраўлення Генштаба, з 1867 Ваен.-вучоны архіў Гал. штаба, з 1906 — Гал. ўпраўлення Генштаба). З 1921 гэтыя архівы былі асн. сховішчамі 3-й (ваен.-марской) секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду, у 1925 на іх аснове створаны Ваен.-гіст. архіў (да яго далучаны дакументы б. Маскоўскага ваен.акр. архіва і вылучаны дакументы Чырв. Арміі), з 1933 Цэнтр. ваен.-гіст. архіў, з 1941 Цэнтр. дзярж. ваен.-гіст. архіў СССР, з 1992 сучасная назва. У 1956—58 папоўнены дакументамі б. Ленінградскага філіяла (створаны ў 1819 як архіў інспектарскага дэпартамента Ваен. мін-ва, пасля — Агульны архіў Гал. штаба, у 1934—41 Ленінградскі ваен.-гіст. архіў). 13 870 фондаў, З 397 628 адзінак захоўвання за 1520—1918 (асобныя дакументы за 1919—41). Зберагае матэрыялы дзейнасці вышэйшых, цэнтр. і мясц. органаў вайск. кіравання і вайск. устаноў Расіі з канца 17 ст. да сак. 1918, у т. л. Ваен. калегіі (1717—1812), Ваен. мін-ва (1808—1918), Гал. штаба (1865—1918), Гал. ўпраўлення Генштаба (1905—18), Штаба Вярх. галоўнакамандуючага Стаўкі (1914—18), ваен. акруг, крэпасцей, ваен.-навуч. устаноў, армій, карпусоў, дывізій, палкоў і інш. вайск. злучэнняў, зборы картаграфічных матэрыялаў. Дакументы асвятляюць войны і ваен. кампаніі, якія вяла Расія: Лівонскую вайну 1558—83, войны з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67, 1792, Паўн. вайну 1700—21, вайну 1812, 1-ю сусв. вайну, барацьбу з Барскай канфедэрацыяй 1768, задушэнне паўстанняў 1794, 1830—31 і 1863—64 у Беларусі. Захоўвае фонды вайск. часцей і ўстаноў, размешчаных на тэр. Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., тапаграфічныя карты і планы гарадоў Беларусі канца 18 — пач. 20 ст., карты дзярж. межаў Расіі з Рэччу Паспалітай 18 ст.
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 158—162;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
т. 13, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)